ПАЎДНЁВА-АСТА́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім і Калінкавіцкім р-нах Гомельскай вобл., каля в. Асташкавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 6 км² прымеркаваны да міжсалявых і часткова да падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2930—3270 м. Пароды-калектары — другасныя даламіты ад порыста-кавернозна-трэшчынаватага да кавернозна-порыста-трэшчынаватага тыпу. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы 20,3 млн. т, перспектыўныя 5,1 млн. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)